Парк Жылібера (Гродна)
Парк Жылібера — галоўны гарадскі парк Гродна. Размешчаны ў цэнтры горада ў раёне Гарадніцы паміж вуліцамі Дзяржынскага, 1 Мая, Акадэмічнай і Ажэшка. Парк мае гістарычнае значэнне, першапачаткова на тэрыторыі парка знаходзіўся першы ў сучаснай Беларусі батанічны сад, створаны Жанам Жыліберам.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У сярэдзіне 1770-х гг. Гарадзенскі староста А. Тызенгаўз запрасіў з Ліёна прафесара медыцыны, батаніка і анатама Жана Эмануэля Жылібера. Паводле дамовы ад 9 мая 1776 года французскі лекар павінен быў «закласці сад, неабходны для медыцынскай школы». Жылібер хутка прыступіў да закладкі саду. Ужо да 1778 года ў батанічным садзе, першым на тэрыторыі сучаснай Беларусі, мелася каля 1500 экзатычных раслін. У цэнтры саду знаходзіўся домік садоўніка і дзве аранжарэі. Батанічны сад неўзабаве стаў адным з лепшых у Еўропе. Аднак ужо ў 1783 годзе французскі навуковец вяртаецца на радзіму, дзе ў Ліёнскім інстытуце навук ён становіцца прафесарам, а пазней нават мэрам горада. У яго гонар было названа расліна жыліберцыя (Gilibertia Ruiz & Pav. сямейства Araliaceae, у сучаснай наменклатуры званая Dendropanax Decne. & Planch.).
Пасля ад’езду Жылібера батанічны сад прыходзіць у заняпад. Частка найбольш каштоўных раслін была вывезена ў Вільню, рэштка сада апынулася падзеленай на некалькі часткак: губэрнатарскі і Гараднічаскі сады, а таксама парк Чацвярцінскіх. У другой палове ХІХ стагоддзя Гараднічанскі сад стаў грамадскім, тут была ўладкована рамантычная «Швейцарская даліна». У 1926 годзе Ян Каханоўскі ў паўночна-ўсходняй частцы парку закладвае школьны батанічны сад, значна больш сціплы, чым сад Жылібера. Спачатку ў садзе Каханоўскага было 309 відаў раслін, а да 1928 года іх колькасць узрасла да 830. У гэтым жа годзе быў адкрыты заалагічны аддзел, які ў канчатковым выніку ператварыўся ў заапарк.
У канцы Другой сусветнай вайны ў парку знаходзіліся магілы савецкіх воінаў, якія пазней былі перазахаваныя ў брацкай магіле. У 1950-ых гадах парк быў абгароджаны і да 1957 года ўваход у яго быў платны. У гэтым жа годзе быў адкрыты кінатэатр «Летні», будынак якога прастаяў у парку да 2005 года. У 1964 годзе парк атрымаў імя Э. Ажэшкі, а цяперашняе імя прысвоена ў 1989 годзе. Апошняя рэканструкцыя парка прайшла ў 2005 годзе, пасля яе з’явілася новая «Швейцарская даліна».
Сёння парк апынуўся практычна ў самым цэнтры горада. Па тэрыторыі парку знаходзяцца Лямус на Гарадніцы, будынкі Тэатра Антонія Тызенгаўза і былой Медыцынскай школы, помнік савецкім воінам (Вечны агонь), шматлікія скульптуры, праз парк працякае рачулка Гараднічанка, а таксама атракцыёны і канцэртная пляцоўка. Ля ўваходу ў парк каля рэстарана «Стары лямус» удзячныя нашчадкі ўсталявалі помнік Ж. Жыліберу: чалавек у вопратцы 18 стагоддзя з кіем у руцэ сустракае наведвальнікаў былога батанічнага саду.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.
- Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 223. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Парк Жылібера (Гродна)